ДЭ КАСТЭ́Р ((De Coster) Шарль) (20.8.1827, г. Мюнхен, Германія — 7.5.1879),

бельгійскі пісьменнік. Пісаў на франц. мове. Скончыў Брусельскі ун-т (1855). Першыя паэт. творы з’явіліся ў канцы 1840-х г. Аўтар зборнікаў «Фламандскія легенды» (1858), «Брабанцкія апавяданні» (1861), гіст. драмы «Стэфанія» (нап. 1853—55), псіхал. рамана «Вясельнае падарожжа» (1872), паэм, літ.-крытычных артыкулаў. Самы вядомы яго твор — «Легенда пра Уленшпігеля і Ламэ Гудзака, пра іх доблесныя, забаўныя і найславуцейшыя справы ў Фландрыі і іншых землях» (1867). Прысвечаны падзеям Нідэрландскай бурж. рэвалюцыі 16 ст., нар. руху гезаў у барацьбе Фландрыі з Іспаніяй за сваю незалежнасць, гэты твор стаў своеасаблівай «нацыянальнай бібліяй Бельгіі». Выразныя рэаліст. тэндэнцыі спалучаюцца ў творы з элементамі рамантызму, глыбокі гістарызм, тыпізацыя — з фалькл. матывамі, мяккім лірызмам. У перакладзе на бел. мову раман выд. ў 1940. Бел. кампазітар Я.​Глебаў паводле рамана напісаў музыку да балета «Тыль Уленшпігель» (паст. Бел. дзярж. т-рам оперы і балета ў 1974, 2-я рэд. 1978), а таксама сімф. паэму «Успаміны пра Тыля» (1977).

Тв.:

Рус. пер. — Легенда об Уленшпигеле и Ламме Гудзаке... Мн., 1984;

Фламандские легенды. М., 1975.

Літ.:

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

Ш.Дэ Кастэр.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)